Узлюбленыя ў Хрысце архіпастыры, пастыры, манахі і ўсе верныя дзеці Беларускай Праваслаўнай Царквы!
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!
Добрая вестка пра Уваскрэслага Спасіцеля сёння разносіцца па ўсёй нашай зямлі. Не толькі людзі, але і прырода радуецца Хрыстову Уваскрасенню, бо «цяпер усё напоўнілася святлом – і неба, і зямля, і прадонне» (Пасхальны канон, песня 3).
Яшчэ зусім нядаўна мы ішлі за Госпадам па шляху Яго крыжовых пакут і разам з апосталамі і жанчынамі-міраносіцамі пахавалі Яго Прачыстае Цела, а цяпер разам са свяціцелем Грыгорыем Багасловам усклікаем: «Сёння спасенне для свету, свету бачнага і свету нябачнага! Хрыстос з мёртвых, – паўстаньце з Ім і вы; Хрыстос у славе Сваёй – узыходзьце і вы; Хрыстос з магілы – вызваляйцеся ад путаў граху; адчыняюцца вароты пекла, знішчаецца смерць, адыходзіць стары Адам, паўстае новы».
У спасіцельным прывітанні «Хрыстос Уваскрэс!» выказана сутнасць хрысціянскай веры, аснова нашага спадзявання, сэнс існавання свету і аснова непахіснай надзеі кожнага чалавека. Гасподзь уваскрэс не дзеля Сябе, і Яго перамога над смерцю не была толькі Яго асабістай перамогай. Усё гэта здзейснілася «дзеля нас і нашага дзеля спасення». У чалавечы свет, падпарадкаваны граху, тленню і закону смерці, Ён прыносіць новую закваску, якая пераўтварае ўсю створаную Ім прыроду і назаўсёды адымае ў граху і смерці іх уладу і магутнасць.
«Смерць! дзе тваё джала? пекла! дзе твая перамога?» (1 Кар. 15, 55), – рашуча запытвае апостал Павел. Так, яны яшчэ застаюцца ў нашым свеце, але ўжо не пануюць над намі, бо, паводле слова свяціцеля Феафана Затворніка, «Уваскрасенне Хрыстова ўвяло новы вобраз быцця, які на ўсё распасціраецца».
Богаслужэнне Святой Пасхі ўрачыста паўтарае словы апостала і святых айцоў: «Смерці святкуем мы ўмярцвенне, пекла разбурэнне, пачатак іншага – вечнага жыцця» (Пасхальны канон, песня 7). У гэтых словах змяшчаецца не рытарычнае перабольшванне, але паэтычна выказаная найглыбейшая дагматычная ісціна, якая глыбока перажываецца ў гэтыя дні хрысціянамі. Уваскрасенне Хрыстова – гэта пачатак новага жыцця і новай рэальнасці, да якой далучаецца кожны веруючы, які жыве паўнавартасным царкоўным жыццём.
У нашым свеце шмат бязладдзя і супярэчнасцяў, трывожныя навіны і чуткі непакояць нашы сэрцы, часта пазбаўляючы нас душэўнага міру і ўсяляючы няўпэўненасць і страх перад будучыняй. Людзі часам задаюцца пытаннем: у чым жа сіла Уваскрасення Хрыстова, як спалучыць пасхальную радасць з тымі падзеямі, якія адбываюцца на нашай планеце?
На гэтае пытанне адказвае нам Евангелле, якое мы чытаем на Пасхальнай літургіі. «У Ім было жыццё, і жыццё было святлом для людзей; і святло ў цемры свеціць, і цемра не агарнула яго» (Ін. 1, 4-5). Грахоўная цемра гэтага свету бяссільная перад Хрыстовым Уваскрасеннем, яна ўжо ніколі не зможа пагасіць гэтае Святло, «Якое прасвятляе ўсякага чалавека, што прыходзіць у свет» (Ін. 1, 9).
Важна памятаць і іншыя евангельскія словы, звернутыя да кожнага з нас: «Так няхай свеціць святло ваша перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і ўслаўлялі Айца вашага, Які на нябёсах» (Мф. 5, 16). Менавіта ад нас, хрысціян, ад нашых учынкаў, слоў і нават думак у многім залежыць, наколькі будзе асвечаны навакольны свет святлом Хрыстовай веры, наколькі будзе мяняцца да лепшага.
Уваскрасенне – гэта не толькі рэальнасць будучага веку, да яго пладоў мы далучаемся ўжо цяпер, жывучы на зямлі. «Устань, хто спіць, і ўваскрэсні з мёртвых, і асветліць цябе Хрыстос» (Эф. 5, 14), – у гэтых словах апостала Паўла гаворыцца не пра фізічную смерць і ўваскрасенне, а пра благадатнае духоўна-маральнае перамяненне чалавека. Як тлумачыць свяціцель Іаан Залатавуст: «У якім жа сэнсе гэтае Уваскрасенне? У такім, што грэх умярцвёны, а праведнасць уваскрэсла, старое жыццё скасавана, а пачалося новае – евангельскае».
Але гэтае адраджэнне залежыць не толькі ад добрай волі Бога, «Які хоча, каб усе людзі спасліся і прыйшлі да спазнання ісціны» (1 Цім. 2, 4). Наша стараннае следаванне запаведзям, нашы намаганні ў пераадоленні сваіх недахопаў і дзейсная любоў да бліжняга – вось умовы, пры якіх мы можам увайсці ў радасць Госпада Свайго і ўсёю сваёю істотаю далучыцца да той рэальнасці, пра якую сведчаць Пасхальнае богаслужэнне і святыя ўгоднікі Божыя.
«Калі Бог за нас, то хто супраць нас?» (Рым. 8, 31). Менавіта ў гэтым залог душэўнага міру і непахіснай надзеі. Калі мы жывём з Богам і імкнемся Яго законы зрабіць законамі нашага жыцця, нішто не зможа адлучыць нас ад любові Божай і пазбавіць радасці Хрыстова Уваскрасення.
Віншуючы вас, дарагія, са Светлым Хрыстовым Уваскрасеннем, жадаю, каб святло Хрыстовай любові заўсёды асвячала вашыя сэрцы, каб праз нас яно пралівалася на ўсіх людзей, бліжніх і дальніх. Няхай Гасподзь захавае мір у нашай краіне, ды адновіць мір на Украіне і на Святой зямлі! З радасцю і падзякай прынясём Богу нашыя сэрцы і шчырую веру, добрыя справы і дзейсную любоў да бліжніх. І няхай усё нашае жыццё, пераўтворанае і асвечанае Божаю благадаццю, ніколі не перастае сведчыць пра вялікую перамогу Госпада нашага Іісуса Хрыста.
+ВЕНІЯМІН,
Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі,
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі
Пасха Хрыстова, 2024
горад Мінск
Оставить ответ
Вы должны вошли чтобы оставить комментарий.